Что значыць мова для народа
МОВА – СКАРБ НАРОДА
Што такое мова? З аднаго боку – гэта сродак зносін, з другога – прыкмета
ідэнтычнасці і самабытнасці народнасці.
Мова яднае нас у народ, які носіць прыгожае імя – беларусы. Для нашага народа родная мова – беларуская.
Што такое мова? З аднаго боку – гэта сродак зносін, з другога – прыкмета ідэнтычнасці і самабытнасці народнасці. Мова яднае нас у народ, які носіць прыгожае імя – беларусы. Для нашага народа родная мова – беларуская.
Паводле шматлікіх назіранняў і даследванняў вучоныя сцвярджаюць, што калі забываецца і знікае мова якой-небудзь народнасці, то знікае і гэты народ. Няма народа без мовы, няма мовы без яго носьбіта. Яшчэ 125 год таму беларускі паэт-дэмакрат Францішак Багушэвіч выказаў меркаванне: «Шмат было такіх народаў, што страцілі найперш мову сваю, так як той чалавек прад скананнем, катораму мову займе, а потым і зусім замёрлі. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі! Пазнаюць людзей ці па гаворцы, ці па адзежы, хто якую носе; ото ж гаворка, язык і ёсць адзежа душы”. Аб гэтым і аб прыгажосці беларускай мовы ішла размова падчас выхаваўчай гадзіны, якую зладзілі Зеленаборская сельская бібліятэка сумесна з супрацоўнікамі Дома культуры.
Памяшканне бібліятэкі, упрыгожанае саматканымі абрусамі 90-гадовай даўніны, якія дасталіся ў спадчыну бібліятэкару Т.Гусевай, сустракала наведвальнікаў, запрошаных на мерапрыемства, урачыста і шчыра. Прыцягвалі ўвагу шматлікія аркушы з выказваннямі вядомых людзей аб роднай мове. А маленькія плакацікі заклікалі размаўляць па-беларуску.
Як прызнанне ў каханні прагучала песня «Завушніцы” у выкананні Валерыя Гусева (на здымку). Для людзей больш сталага ўзросту гэта вядомы твор, а вось моладзь слухала, як зачараваная.
Цікавы факт, агучаны бібліятэкарам аб тым, як маладая іспанка Анхела Эспіноса Руіс самастойна вывучыла беларускую мову, бо тая здалася ёй вельмі прыгожай, выклікаў гул адабрэння. Дарэчы, гэтымі днямі дзяўчына гасцюе ў нашай краіне.
Для таго, каб дзеці размаўлялі на роднай мове, трэба чуць яе часцей, у тым ліку і дома, ад бацькоў. І тады для маленькіх грама- дзян Беларусі словы: «гарбата”, ”рушнік”, ”кветкі” стануць зразумелымі. На мерапрыемстве вучаніца другога класа мясцовай школы Вераніка Касянок (на здымку) прадэкламавала верш Леаніда Пранчака «Я дзяўчынка беларуска”. Маленькая прыгажуня расказалала, што ўсе незразумелыя словы ёй растлумачыла матуля, і таму яна добра ведала, аб чым гаварыла, і без адзінай памылкі з пачуццём пераказала радкі. Яе прывабнасць у прысутных выклікала замілаванне.
Каб пераканаць моладзь у тым, што на беларускай мове спяваюцца сучасныя кампазіцыі, быў прадэманстраваны відэакліп вядомага гурта «Крамбамбуля”. Песня была настолькі вясёлай, захапляльнай, што хацелася танчыць і пляскаць у далоні.
Зразумела, што адразу пасля сустрэчы моладзь не стане размаўляць на роднай мове, але, магчыма, увечары нехта скажа бацькам: «Дабранач”, ці назаўтра павітаецца: «Добрай раніцы”. Менавіта гэта і стане самай важнай адзнакай работы арганізатараў мерапрыемства.
Т.АНОП, жыхарка пасёлка Зялёны Бор.
Информацию читайте в № 73-76 от 16.03.2016г.
Сачыненне на тэму «Родная мова»
Беларуская мова прыгожая і незвычайная. Колькі цудоўных твораў напісана на гэтай мове. Беларускай мовай нельга не захапляцца, бо з дапамогай яе можна перадаць усю прыгажосць навакольнага свету, а таксама і ўнутраны свет чалавека.
На працягу стагоддзяў беларуская мова змянялася, развівалася, ўдасканальвалася. Але як гаварыцца дасканаласці не прыбудоўкі, яшчэ многія пакаленні будуць дапаўняць, развіваць мову. Самае галоўнае-гэта захаваць родную мову, не даць ёй памерці, як адбываецца з іншымі мовамі. Згодна з модным тэндэнцыямі сучасныя людзі пачынаюць выцясняць родную мову, усе больш аддаючы перавагі замежным мовам, або штучна створаным.
Беларуская мова нясе ў сабе культуру і звычаі той краіны, дзе на ёй размаўляюць. Кожны паважаючы сябе чалавек павінен ганарыцца сваёй мовай. Калі родная мова папулярна і кахана, то таксама будзе і з народам, які на ёй размаўляіць. Той, хто паважае родную мову, не паважае сябе, паважае людзей.
Задача будучага пакалення захаваць родную мову, не даць ёй знікнуць, калі знікне мова, то неўзабаве спыніць свае існаванне і ўся нацыя. Родная мова не менш каштоўная, чым усякія карысныя выкапні, яе нельга купіць або прадаць, ёй можна толькі ганарыцца і захапляцца.
У залежнасці ад нацыі і краіны, ва ўсіх людзей родная мова разная.Я вывучаю роднай мову для таго,каб адчуваць свабоду слова,гонар за сваю краіну,уменне правільна сфармуляваць сваю мысль.Я ганаруся сваёй роднай мовай, так як яна галоўная ў нашай краіне,і вельмі люблю яе.
У кожнага чалавека ёсць свая родная мова. І кожны ўлічвае сваю кропку гледжання аб ёй. Я лічу, што ў мяне нядрэннае стаўленне да маёй роднай мовы. Не скажу, што я лічу яе самай лепшай у свеце, але стаўлюся да яе добра. Многія людзі задумваюцца, навошта ў кожнага народа свая родная мова. Я лічу, што яна патрэбна для таго, каб забяспечваць ўзровень сваёй роднай краіны. Напрыклад, Англія лічыцца самай адукаванай краінай свету. Расія, вядома, таксама адукаваная. Кожны мае меркаванне аб сваёй краіне і роднай мове. Мае стаўленне да мовы, тлумачыцца тым, што я лічу мой беларускі народ лепшым, нягледзячы не на што.
Што для вас значыць родная мова?
21 лютага ў нашай краіне адзначаўся Міжнародны дзень роднай мовы. Мерапрыемствы праводзіліся ў школах, іншых установах адукацыі і культур. У Брэсце, паводле друку, абласное свята назвалі “Жывыя вытокі”, а магілёўскія мытнікі дэкламавалі вершы беларускіх паэтаў, у некаторых абласцях пісьменнікі, сябры грамадскай арганізацыі ТБМ, іншыя жадаючыя пісалі дыктоўку.
Дзень роднай мовы праводзіўся і на Жабінкаўшчыне. Пад час яго мы папрасілі некаторых жыхароў раёна падзяліцца думкамі пра адносіны да беларускай мовы, што яна значыць у ягоным жыцці.
Святлана Пешка:
– Нарадзілася я і вырасла ў Беларусі. Вучылася ў беларускамоўнай Гараднянскай сярэдняй школе, што на Століншчыне. Але ўсё роўна маё вымаўленне не было ідэальным. Наганяла прапушчанае ў Пінскім педвучылішчы і ў Брэсцкім дзяржаўным педінстытуце імя А.С. Пушкіна. Цяпер на беларускай мове размаўляю толькі як прыязджаю ў бацькоўскі дом. Думаю, што па-беларуску размаўляць за межамі Беларусі будзе модна. Мы ж памятаем, што наша мова была адной з афіцыйных у Вялікім Княстве Літоўскім – дзяржаве шматнацыянальнай, а значыць, існавала мода на беларушчыну і за межамі нашага роднага кута.
Яўгенія Антанюк:
– Я вучуся ў дзявятым класе Маціевіцкай базавай школы. Мне падабаецца беларуская мова, яна мілагучная і цікавая. На жаль, я не магу пахваліцца выдатным веданнем яе, але люблю ўрокі роднай мовы і літаратуры, мне на іх цікава. Менавіта праз настаўніка мы далучаемся да гэтых прадметаў. Я заўсёды актыўна ўдзельнічаю ў тыдні нацыянальнай мовы і літаратуры, што па добрай традыцыі праводзіцца ў нашай школе. Згодная: кожны чалавек павінен ведаць мову той краіны, у якой ён жыве. Мне вельмі падабаюцца такія выразы: “Добры дзень!”, “Да пабачэння”, “Смачна есці”. Трэба абавязкова добра ведаць родную мову, а лепш розныя, у дапаўненне да матчынай. У маёй памяці заўсёды словы Івана Мележа: “Мова – гэта вялікі скарб. Яе нельга не паважаць, як нельга не паважаць родны народ”.
Святлана Пойта:
– Каму лянота вучыць мовы, той гаворыць пра іх непатрэбнасць. У Тамашоўскай адзінаццацігодцы, дзе я вучылася, мы развучвалі беларускія народныя песні і беларускамоўныя эстрадныя. Паспяхова выступалі на раённых конкурсах мастацкай самадзейнасці. Добра, што на конкурсе “Еўрабачанне – 2017” наш беларускі гурт выступіць з песняй на нацыянальнай мове.
Міжнародны дзень мовы ў сучасных умовах дае людзям знак: шануйце кожную культуру, беражыце разнастайнасць на зямлі. Наша багацце – мы самі, у сваёй непаўторнасці, у тым ліку ў адметнасці нашых манер гаварыць. Зрэшты, што тут незвычайнага? Напачатку ж было Слова… І яно робіць чалавека разумным, мудрым, яго трэба шанаваць, як святыню і менавіта тое слова, “… з якім вас літасціва Бог на свет пусціў”. Так гаварыў Францыск Скарына.
Кацярына Квачанюк:
– На ўроках беларускай літаратуры некаторыя вучні расказваюць хатняе заданне на руска-беларускай мове і гавораць, што ім цяжка размаўляць толькі на роднай мове. На мой погляд, трэба старацца гаварыць па-беларуску, нават калі не вельмі атрымліваецца, бо мову па-іншаму не вывучыш.
Гаварыць на роднай – для мяне гэта сур’ёзная справа, і стаўлюся да яе вельмі адказна. Спадзяюся, што беларуская мова ніколі не знікне.
Наталля Навачук:
– У нашай краіне пэўная ўвага надаецца захаванню нацыянальнай культуры, шанаванню айчыннай гісторыі і народных традыцый. На гэта накіраваны многія выхаваўчыя мерапрыемствы. 21 лютага ў Міжнародны дзень роднай мовы ў Маціевіцкай базавай школе перад урокамі была праведзена акцыя “Любімае роднае слова”. Вучні на папяровых сэрцайках пісалі любімыя беларускія словы, з якіх потым утварылася вялікае “сэрца” любімых слоў. Пасля ўрокаў дзеці спаборнічалі ў гульні-віктарыне “Дакраніся да роднага слова”. Была арганізавана выстава кніг “Рускай мове дай разгрузку і чытай па-беларуску”.
Ушаноўванне чалавекам роднай мовы сведчыць менавіта пра яго павагу да культуры свайго народа. Я люблю нашу мову, таму што яна родная. Для мяне, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры, размаўляць па-руску неяк нязвыкла. Міжнародны дзень роднай мовы – выдатная магчымасць павысіць цікавасць дзяцей да вывучэння ўсяго нацыянальнага, ставіцца да мовы з павагай і любоўю.
Апытанне правяла Лідзія Іваніхіна.
Поделиться ссылкой:
1 Comment Posted
Оставить комментарий Отменить ответ
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.
Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.
Нацыянальная мова як крыніца
духоўнай і інтэлектуальнай культуры народа
Мова – гэта не толькі сродак, з дапамогай якога людзі абменьваюцца інфармацыяй. Мова – гэта і люстэрка жыцця і працы народа, яго грамад-скага і культурнага развіцця. Мова адлюстроўвае жыццёвы і духоўны вопыт народа, асаблівасці яго мыслення і псіхікі (нацыянальны характар, тэмпера-мент, светапогляд і інш.), маральна-этычныя і эстэтычныя нормы. Інакш кажучы, мова замацоўвае ўсё тое, што прынята называць культурай. Яна з’яўляецца спецыфічным спосабам існавання і захавання культуры.
Разам з тым сама мова – прадукт чалавечай культуры і яе важная частка, якую мы атрымліваем ад продкаў. Таму мова і культура не проста ўзаема-звязаныя з’явы, але ў пэўным сэнсе і адзінства, цэласнасць.
Любая культура з’яўляецца працэсам і вынікам асваення чалавекам рэча-існасці, працэсам творчага асэнсавання свету і сябе ў ім. У розных народаў спосабы і вынікі гэтага асваення маюць агульнае і адметнае, спецыфічна-нацыянальнае, што вызначаецца ўмовамі жыцця і быту этнасу. Сам ланд-шафт (горы, лес, тундра, пустыня ці джунглі), клімат, раслінны і жывёльны свет прадвызначаюць характар заняткаў народа (земляробства ці паляванне, жывёлагадоўля, гандаль ці інш.) і накладаюць адбітак на яго ўспрыманне свету. Усё гэтае выразна адлюстроўваецца ў мове: найперш у адметнасці слоўніка (бо ў назвах выяўляецца свет рэчаў і ўяўленняў чалавека), у народ-най афарыстыцы, непасрэдна звязанай з матэрыяльнымі і духоўнымі каш-тоўнасцямі народа, што сфарміраваліся пад уплывам прыродных, гістарыч-ных, культурных і іншых фактараў, у канструкцыях словазлучэнняў, сказаў, у гукавым ладзе мовы, сугучных з нацыянальнай прыродай. Інакш кажучы, мова – гэта сувязь не толькі паміж людзьмі, але і людзей з прыродаю як важным складнікам культуры. Яшчэ В. Гумбальт сцвярджаў: «У кожнай мове закладзена самабытнае светаўспрыманне. Як асобны гук стаіць паміж прадметам і чалавекам, так і ўся мова ў цэлым выступае паміж чалавекам і прыродай».
Кожны народ стварае свой вобраз (ці мадэль) свету, у якім вылучае і называе найперш аб’екты, асабліва важныя ў яго жыцці (але не абавязкова істотныя для носьбітаў іншых моў). Так, напрыклад, у мове эскімосаў да гэтага часу захоўваецца некалькі дзесяткаў назваў ільду ў залежнасці ад яго стану, асаблівасцей утварэння (берагавы, марскі) і г.д.; у мове ірландцаў – спрадвечных мараходаў і рыбакоў – ёсць дзесяткі найменняў ветру; у мове арабаў існуюць шматлікія назвы для верблюдаў. Беларуская мова мае больш за 20 назваў балота, якое з’яўляецца прыкметнай адзнакай беларуска-га ландшафту. Напрыклад: багна, бездань, валага, гола, дрыгва, імшара, мрогва, мярэча, нетра, слата, твань, тхлань і інш. Большасць гэтых слоў не маюць эквівалентаў у іншых мовах.
У кожнай мове ёсць назвы прадметаў, паняццяў, якія значаць больш, чым спачатку яны абазначалі. На працягу гістарычнага развіцця многія словы акумулююць інфармацыю, звязаную з бытам, звычаямі, культурай народа, абрастаюць разнастайнымі асацыяцыямі. Гэтая дадатковая, нацыя-нальна абумоўленая (часта сімвалічнага характару) інфармацыя патэнцы-яльна існуе ў свядомасці носьбітаў мовы і складае т. зв. нацыянальна-культурны кампанент значэння моўных адзінак.
Найбольш відавочна нацыянальна-культурны кампанент значэння выяў-ляецца пры супастаўленні аналагічных паняццяў, сітуацый у розных культу-рах і мовах. Напрыклад, маленькая трохкаляровая кветка з сям’і фіялкавых браткі (рус. анютины глазки) ахутана казкамі і легендамі. Адна з іх, вядо-мая ў нас, – пра няшчаснае каханне юнака і дзяўчыны, якія аказаліся братам і сястрой. Таму браткі – гэта напамін пра няшчасных закаханых. У немцаў жа гэтая кветка сімвалізуе маленькую мачаху, у англічан – жанчынападоб-нага мужчыну, а ў французаў – гэта кветка ўспамінаў.
Многія назвы раслінна-жывёльнага свету, набываючы ў той ці іншай мове дадатковае культуралагічнае значэнне, выступаюць сімвалам самой краіны, народа. Так, назва сакура асацыіруецца ў нашай свядомасці з Японі-яй, лаўр сімвалізуе Іспанію, таполя – Украіну, бяроза – Расію. А вось у нарвежцаў бяроза, якая расце ва ўмовах вечнай мерзлаты, – увасабленне вынослівасці; у свядомасці жыхароў старажытнай Індыі яна звязвалася з міласэрнасцю, любоўю да людзей.
Сімвалам хараства, красы і паэзіі беларускай зямлі, вобразам нашай самабытнасці сталі васілёк, шыпшына. У беларускім фальклоры і мастацкай творчасці надзвычай шырока апаэтызавана вярба (лаза, ракіта, іва). (Нагадаем: «А ў полі верба нахілёная. «; «У канцы грэблі шумяць вербы. «; «Вярба, вярба, дзе ж ты расла? Ужо тваё лісце вада занясла. » і інш.) Вярба спрадвеку выкарыстоўвалася ў побыце беларусаў: з яе плялі калыскі, лапці, кошыкі, выразалі дудкі, свісцёлкі, рабілі платы, розныя гаспадарчыя прыбудовы і г. д. Лазой «частавалі» за розныя правіннасці (параўн.: да бела-рускага «даць лазы» ў значэнні «пабіць» эквівалентам у рускай мове высту-пае выраз «дать берёзовой каши»). Вярба была важным ахоўным сродкам, выкарыстоўвалася ў абрадах і рытуалах: асвячонай вярбой, напрыклад, выганялі першы раз кароў на пашу. Вярба – увасабленне жыццёвай сілы, непатрабавальнасці да ўмоў, устойлівасці. Гэтымі сваімі якасцямі яна нагад-вае саміх беларусаў.
Важнымі вобразамі-дрэвамі ў беларускай свядомасці з’яўляюцца: дуб – сімвал моцы, даўгавечнасці, каліна, вішня, рабіна – увасабленне дзявочай сціпласці, прывабнасці. Увогуле жаночая прыгажосць у беларусаў асацыіру-ецца з мяккімі, як лён, валасамі, з вачамі, сінімі, як васількі ці льняны цвет, або блакітнымі, як майскае неба.
А вось для кіргізаў, напрыклад, блакітныя вочы – самыя непрыгожыя. Эталонам прыгажосці для іх з’яўляюцца вочы, падобныя да вачэй каровы. У старажытнай Грэцыі і Індыі, дзе карова лічылася свяшчэннай жывё-лай, назваць жанчыну «валавокай» (з вачыма, як у вала, каровы) таксама было найвышэйшым кампліментам; у Індыі і зараз прыгожую жанчыну называюць гаджагаміні, што значыць «якая ідзе паходкаю слана». У нашай жанчыны наўрад ці выклікае захапленне параўнанне яе са сланом ці каровай.
Увогуле сімволіка, звязаная з жывёльным светам, надзвычай разнастай-ная ў розных народаў. У беларусаў, напрыклад, аб’ектам вобразна-метафа-рычнага пераасэнсавання даволі часта выступаюць «жыхары» балота: бусел, жораў, жаба. Асабліва прывабным і важным для нашага народа ўяўляецца бусел (ці, як яго яшчэ называюць, бацян, бусень, буська, лялька, гайсцёр і інш.). З жыццём бусла звязаны беларускі народны каляндар і многія народ-ныя прыкметы («Дзе бусел вядзецца, там шчасліва жывецца», «Калі бусел кружыцца – чакай добрага надвор’я», «Калі вясной упершыню ўбачыш бус-ла, які ляціць, будзеш увесь год здаровы і рухавы, калі ж ён будзе стаяць, то і ты будзеш мала рухацца, могуць балець ногі» і інш.). У беларускай нацыя-нальнай свядомасці трывала замацаваўся паэтычны вобраз Беларусі як зямлі «пад белымі крыламі» – крыламі бусла, які ўспрымаецца як «беларуская» птушка, што «чысціць» нашую зямлю, ахінаючы яе сваімі крыламі.
Часта адны і тыя ж прадстаўнікі жывёльнага свету выклікаюць у розных народаў розныя асацыяцыі. У краінах будыйскага Усходу, напрыклад, заяц з’яўляецца сімвалам мудрасці, у японцаў і афрыканскіх неграў – сімвалам розуму, здагадлівасці, а ў беларускіх народных казках заяц звычайна палахлівы, нясмелы, безабаронны. Менавіта з такімі якасцямі звязваюцца ў беларускай мове пераносныя значэнні гэтага слова (у дачы-ненні да чалавека). Разам з тым з глыбінь вякоў да нас дайшлі водгукі стара-жытных міфапаэтычных уяўленняў пра зайца як сакральную істоту. У свядомасці нашых продкаў заяц звязваўся з хлебам («зайчыкаў хлеб» – «рэшткі ежы, прывезеныя дадому з лесу ці поля, якімі частуюць дзяцей»), а таксама з сонцам, агнём (адсюль выраз «сонечны зайчык»). Да сённяшняга дня захавалася ў нашага народа прымета: калі заяц забяжыць у хату, якая будуецца, то яна згарыць.
Воўк у нашай свядомасці асацыіруецца з такімі якасцямі, як жорсткасць, агрэсіўнасць (воўчая натура; глядзець ваўкавата; пазіраць з-пад ілба, як воўк), а ў кіргізаў воўк – сімвал смеласці, высакародства (прыгадайце ра-ман Ч. Айтматава «Плаха»).
Са словам «сокал» мы звязваем такія якасці, як адвага, смеласць. На гэтай аснове ўзнікла пераноснае значэнне слова «сокал» у адносінах да лёт-чыкаў і ўвогуле да смелых людзей. У іншых мовах такіх асацыяцый гэтае слова не мае.
У міфалагічным асэнсаванні старажытных славян сабака ўвасабляў адначасова добры і ліхі пачатак. Таму ў рускай мове ўстойлівыя выразы з кампанентам «сабака» маюць як станоўчую ацэнку (собачья верность – пра вернага, адданага чалавека; собаку съел – пра вопытнага чалавека і інш.), так і адмоўную (собачий холод, гонять собак, вилять хвостом і інш.). У беларусаў у большай ступені, чым у рускіх, сабака увасабляе негатыў-ныя праявы жыцця. Разнастайныя ўстойлівыя выразы з гэтым словам маюць пераважна адмоўную афарбоўку: у сабакі вачэй пазычыць (пра бессаром-нага чалавека), ушыцца ў сабачую шкуру (пра нікчэмнага чалавека, гультая), з рота сабакі скачуць (пра брыдкаслоўе), сабачыцца (сварыцца), брахаць, псаваць і інш.
Спецыфіка асацыятыўна-вобразных уяўленняў таго ці іншага народа выразна адлюстроўваецца ў фразеалагічным фондзе яго мовы. Напрыклад, пра што-небудзь недарэчнае, нікуды не вартае мы гаворым курам на смех, а а ў інданезійцаў з недарэк «смяюцца» кракадзілы. Пра незадаволенага, надзьмутага чалавека рускія кажуць надулся, как мышь на крупу, а беларусы – надзьмуўся, як жаба на купіне. У рускіх «многа» – гэта куры не клюют, у беларусаў – сабакі не ліжуць, «мала» ў рускіх – кот наплакал, у беларусаў – як кату пад’есці з жабіны прыгаршчы; «прыйсці на гатовае, чужое» – найти рукавицы за поясом (рус.) і знайсці сякеру пад лаваю (бел.). Пра сквапнага чалавека рускія кажуць за копейку удавится, а беларусы – за рубель жабу ў Вільню пагоніць.
Aethiopem lauare («мыць эфіопа«) – гаварылі старажытныя рымляне пра нядобрага чалавека, з’яву, дарэмную працу (пра тое, што нельга палеп-шыць). У беларусаў на гэты выпадак ёсць прыказка: «Чорнаму ворану мыла не паможа«, у рускіх – «Чёрного кобеля не отмоешь добела«, а ў англічан – «You cannot wash a charcoal white» («Нельга вугаль вымыць дабяла»).
Такім чынам, стасункі чалавека з прыродай на працягу вякоў, яго ўяў-ленні аб свеце, у тым ліку самыя старажытныя, міфалагічныя, трансфарму-юцца ў культурных традыцыях народа ў адметныя мастацкія вобразы, зама-цоўваюцца ў адносна ўстойлівых нацыянальна-культурных стэрэатыпах, сімвалах, адлюстраваных у семантыцы моўных адзінак.
Культурнымі традыцыямі грамадства вызначаюцца таксама і формы маўленчага этыкету.
Існуюць, напрыклад, самыя разнастайныя мадэлі маўленчых паводзін госця і гаспадара, дзяцей і бацькоў, мужчыны і жанчыны (спецыяльныя формы пашаны, пачцівасці і інш.).
У індзейцаў Бразіліі, напрыклад, развітваючыся з гаспадаром і гасцямі, трэба абавязкова падысці да кожнага з прысутных, сказаць пра свой адыход і пачуць: «Ідзі». А калі вяртаешся, то зноў трэба падысці да кожнага і, пачуўшы: «Вярнуўся?», – адказаць: «Так». Агульныя ж «Бывайце!» ці «Прывітанне!» не дапускаюцца – гэта найстрашнейшае парушэнне этыкету.
У японцаў прынята гаварыць пра субяседніка толькі перабольшана пачцівыя словы: не «ваша імя», а «ваша шаноўнае імя», не проста «ваша пісьмо», а «ваша найкаштоўнейшае пісьмо». А пра сябе – наадварот: «мая няўмелая работа», «мой нікчэмны дом» і г.д.
Калі госць заходзіць у кітайскі дом, яму вельмі настойліва прапануюць паабедаць, а госць па этыкету павінен гэтак жа настойліва адказвацца.
У беларускай мове, як і ў іншых мовах свету, існуе цэлая сістэма фразеалагізаваных формул маўленчага этыкету для выражэння прывітанняў, пажаданняў, падзякі і г. д. Нашаму народу ўласціва душэўная шчодрасць, адсюль шматлікія выслоўі для выражэння пажаданняў: Спажывайце на здароўе! Смачна есці! Вялікі расці! Добра гадуйся! Будзь багаты, як зямля! Каб быў здаровы, як дуб скарбовы! Каб на тым і стала! На доўгі век, на добрае здароўе! Каб пілося, елася і яшчэ хацелася! Вам шчасце-долю і хлеба ўволю! Гладкай дарогі! Будзь здаровы на ўвесь год, як калядны лёд! Каб вам смачна спалася, спрытна ўставалася, лёгка хадзілася! Каб нашыя дзяды не ведалі бяды, каб нашыя ўнукі не ведалі мукі! і інш.
Такім чынам, кожная мова захоўвае ў адзінках, якія набылі вобразна-метафарычнае, сімвалічнае значэнне, культурна значную для носьбітаў гэтай мовы інфармацыю, зберагае культуру як гістарычную памяць народа. Разам з тым мова – не толькі сродак захавання духоўнасці і культуры, але ў пэўнай ступені і сродак іх фарміравання. Многія вучоныя схільныя лічыць, што кожны народ бачыць свет праз прызму сваёй роднай мовы. Гэта азна-чае, што сама мова як своеасаблівы код культуры, у пэўнай ступені вызна-чае светапогляд і менталітэт народа, яго псіхічную і нацянальна-культур-ную адметнасць. Інакш кажучы, мова, будучы ўвасабленнем духу народа, на пэўным этапе развіцця матэрыяльнай і духоўнай культуры становіцца, у сваю чаргу, асяроддзем, якое нараджае, фарміруе духоўнасць і ўплывае на стан культуры наступных пакаленняў.
Родная мова: любім, разумеем, але не размаўляем… Чаму?
Апошнім часам амаль ва ўсіх на слыху ды на вуснах гучныя і ёмістыя выразы лозунга-слоганавага кшталту: «Жыву ў Беларусі і тым ганаруся», «Сто ідэй для Беларусі», «Купляйце беларускае!» і да таго падобныя. І гэта ўсё добра! Нас запрашаюць да асэнсавання ўласнай гісторыі, адраджэння беларускай маральна-інтэлектуальнай спадчыны, нацыянальнай самаідэнтыфікацыі. Як жа можна абысціся ў гэткай высакароднай справе без выкарыстання роднай беларускай мовы! Здаецца гэта разумеюць сёння ўсюды – ад дзіцячага садка да чыгуначнага вакзала і супермаркета. Але ж за разуменнем і ўсведамленнем задачы павінны адбывацца практычныя захады. Ці ўсё добра ў гэтых адносінах у слаўным нашым горадзе на Бярэзіне?
Калі зверху разумеюць, справа ідзе
Здавалася б, месцы, так бы мовіць, транзітнага, хай сабе і масавага знаходжання людзей, не павінны быць нейкімі пунктамі ліквідацыі моўнай непісьменнасці ці прапагандавання мовы. Тым не менш прыклад папулярызацыі беларускай мовы падаюць у Бабруйску менавіта падобныя структуры.
Ала Віктараўна Бірукова, начальнік вакзала чыгуначнай станцыі Бабруйск:
– Адразу скажу, на ўсёй Беларускай чыгунцы ў адпаведнасці з рашэннем яе кіраўніцтва практыкуецца двухмоўнае інфармаванне пасажыраў. Аб’явы робяцца як на беларускай, так і на рускай мове, шыльды таксама дублююцца. Скаргаў ці нейкіх непаразуменняў у сувязі з гэтым не было. Наадварот, даводзілася чуць водгукі замежных пасажыраў, што спыняліся на нашай станцыі, аб пазнавальнасці дзвюхмоўных паведамленняў, мілагучнасці нашай мовы.
– Дык вы, можа, трымаеце ў штаце прафесійных дыктараў ці акцёраў?
– Не, абыходзімся сваімі сіламі. Напрыклад, аб’явы па радыё робіць у асноўным Аксана Анатольеўна Піскун, хаця ўсе касіры прайшлі своеасаблівы кастынг на веданне мовы і дыкцыю. Выбралі яе і не памыліліся. У напісанні раскладаў руху цягнікоў, шыльдаў і аншлагаў карыстаемся дапамогай прафесійных кансультантаў, напрыклад, Наталлі Пятроўны Салаўёвай з партала Bobr.by, Таццяны Фадзееўны Пашковіч з гімназіі №1, якім вельмі ўдзячныя.
Святлана Аляфцінаўна Капусціна, загадчык магазіна «Mart inn» на вуліцы Урыцкага:
– Мы таксама выконваем рашэнне кіраўніцтва нашай гандлёвай сеткі аб пашырэнні ўжывання беларускай мовы ў рабоце. Білборды звонку, постэры, рэклама вырабляюцца на роднай мове. Пакупнікі ўсё разумеюць, пытанняў няма.
– А ці зразумеюць наведвальніка, калі ён на касе звернецца па-беларуску? Наогул, ці гавораць супрацоўнікі на другой з дзвюх дзяржаўных моў?
– Так, любога пакупніка мае калегі зразумеюць. Але патрэбы ў карыстанні беларускай мовай мы не адчуваем. Ведаеце, неяк не прывілі ні бацькі, ні дзіцячы садок, ні школа. Ды і ўсе навокал скрозь гавораць па-руску ды на трасянцы. І ўсе разумеюць адзін аднаго.
Шанаваць мову – паважаць бацькоў, род, радзіму
Сапраўды, урад ці абавязкова выкладаць беларускую мову пасажырам, пакупнікам і гледачам, хутчэй, гэта прыемны і карысны дадатак у нашых тралейбусах, некаторых крамах ды тэатральных спектаклях. А вось навучальныя ўстановы закліканы прывіваць зацікаўленасць, даваць веды і выхоўваць любоў да матчынай мовы прафесійна. Прычым, яшчэ з ясельнага ўзросту дзетак.
Ірына Іванаўна Кірэева, намеснік загадчыка ясляў-саду №1 Бабруйска:
– У садку мы пачынаем вывучаць мову з дзеткамі, якім яшчэ два-тры гадкі. Чытаем ім пацешкі, спяваем песенькі, апавядаем казкі. Вельмі цікава праходзяць абрадавыя святы Каляд, Масленкі, шумна і весела праводзім беларускія народныя гульні на занятках фізкультурай. Практыкуем правядзенне беларускамоўных дзён адначасова ва ўсіх групах. У сярэдняй і старэйшай групах заняткі беларускай мовай замацаваны у раскладзе. Спрабуем таксама інтэграваць такія заняткі ў час іншых момантаў рэжымнай дзейнасці: на прагулках, у гульнях і спевах. Так альбо інакш, але ўсе амаль сто трыццаць выхаванцаў знаёмяцца з роднай мовай у садку. Вельмі дапамагаюць творы Эдзі Агняцвет, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Цёткі і іншых беларускіх аўтараў.
– Выхавацелі, усе супрацоўнікі падтрымліваюць адпаведную моўную атмасферу?
– Імкнуцца, скажу шчыра, а ў беларускамоўныя дні – у абавязковым парадку. І галоўная праблема тут агульная: у сем’ях амаль не гавораць на матчынай мове. Не карыстаюцца ёй у абыдзенай абстаноўцы ў навучальных установах,у арганізацыях і на прадпрыемствах, у магазінах і на вуліцы.
– У чым жа, на ваш погляд, прычыны гэткага заняпаду?
– Напэўна, усяго патроху: і абыякавасці з лянотай, і сарамлівасці з нясмеласцю, і ігнаравання з пагардаю. Трэба сябе паважаць, свае карані адчуваць, патрыётам быць…
Наталля Валер’еўна Калеснікава, загадчык бібліятэкі гімназіі №1, лаўрэат прэміі імя Міхася Лынькова за 2015 год:
– На маю думку, на стане ужывання нашай роднай мовы адбілася наступленне даброт XXI века. Паглядзіце, колькі сельскіх школ пазачынялася, колькі вёсак з’ехалася ў аграгарадкі. А менавіта там жа былі асноўныя носьбіты мовы. Камп’ютэрызацыя, зноў жа, уздзейнічала на змяншэнне цікавасці да беларускай мовы, бо карыстальнікам больш патрэбныя руская ды англійская. Нейкім прымусам уводзіць родную мову – рызыкуем страціць узаемаразуменне паміж прыхільнікамі розных моў. На мой погляд, толькі больш твораў – цікавых і разнастайных, як у Караткевіча, напрыклад, – могуць адрадзіць сапраўдную цікавасць да роднай, матчынай мовы.
Святлана Міхайлаўна Кажэўнікава, бібліятэкар гімназіі №1, лаўрэат прэміі імя Міхася Лынькова за 2015 год:
– Так, толькі чытанне добрай літаратуры можа спрыяць з’яўленню сапраўдных аматараў беларускага слова, выхаванню шчырых патрыётаў. Мы гэта бачым на прыкладзе нашых гімназістаў. Але дзіцячай беларускай літаратуры не хапае, асабліва маляўніча аформленых казак для самых маленькіх. З сучасных аўтараў, якія пішуць для дзяцей, мы таксама ведаем хіба што толькі Ліпскага і Федарэнку.
Людміла Міхайлаўна Лопарава, настаўнік беларускай мовы і літаратуры вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа № 28 г. Бабруйска», метадыст вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі аддзела адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Першамайскага раёна, лаўрэат прэміі імя Міхася Лынькова за 2015 год:
– Лічу, што родная мова наша шмат не патрабуе. Але калі ўжо назваў яе роднай, калі лічыш яе такой для сябе — павінен жа быць перад ёй хоць нейкі абавязак. Пазакласныя мерапрыемствы, якія мы праводзім у школе,выхоўваюць у вучняў любоў да роднай мовы, гонар за сваю Радзіму, за свой народ. Галоўная задача як урокаў, так і пазакласнай дзейнасці – абудзіць у вучняў цікавасць да роднай зямлі, да сваёй мовы і даказаць, што мы, беларусы, не горшыя за іншых, народ з багатай, старажытнай культурай.
– Дык ці ведаюць нашы школьнікі мову?
– Разумеюць, але цяжкасці са зваротным перакладам назіраюцца…
– За час сваёй работы што вы самае адметнае заўважылі у працэсе выкладання мовы?
– Магчыма, не паверыце, але прыйшла да высновы, што раней ужыванне беларускай мовы лічылі прыкметай вясковасці, а сёння – інтэлегентнасці, нават элітнасці.
– І шмат у нас прэтэндэнтаў на пападанне ў эліту па гэтаму паказчыку?
– А вось толькі ў нашай школе ў 2011-2012 навучальным годзе за даследчую работу «Бабруйскія старонкі жыцця і творчасці Міхася Лынькова» вучаніцы 11-га класа Кацярына Іванова і Аляксандра Эпштэйн атрымалі дыплом I ступені на I рэспубліканскім конкурсе даследчых работ вучняў і сталі лаўрэатамі Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы таленавітых вучняў і студэнтаў. У 2014-2015 навучальным годзе вучаніца 7-га класа Дзіяна Ладонька ўзнагароджана дыпломам I ступені на абласным конкурсе работ вучняў даследчага характару за работу «Буквар у жыцці беларусаў».
Аляксей Міхайлавіч Ненадавец, загадчык кафедры Бабруйскага філіяла Беларускага дзяржаўнага эканамічнага універсітэта, доктар філалагічных навук, прафесар:
– Для мяне беларуская мова – рабочая мова, на якой я размаўляю траціну сутак. І не толькі на занятках у аўдыторыях. Трэба адзначыць, што супрацоўнікі выдавецтваў і рэдакцый, з якімі я маю адносіны, на добрых 95 працэнтаў таксама беларускамоўныя. Але ў астатні час даводзіцца пераключацца, бо асяроддзе ў Бабруйску ў асноўным рускамоўнае, а дакладней – трасянкамоўнае.
Чаму так здарылася? Лічу, што і ад нейкага міфа, што нехта некага прымусіць вывучаць беларускую мову. Нехта калісьці пусціў чутку, што ўсіх прышлых ледзь не праз экзамен на мову будуць прапускаць. Звычайна, калі хто прыязджае жыць у іншую краіну, то імкнецца вывучыць мову тубыльцаў сам. У нас жа атрымалася, што карэннае насельніцтва перайшло больш на рускую мову. У выніку як след не ведаем ні адной, ні другой з дзяржаўных.
– Вы неяк змагаецеся з гэтай з’явай?
– Я на занятках дазваляю адказваць студэнтам на любой мове толькі з адной умовай: каб усё было пісьменна, правільна. І, як правіла, упэўніваюся ў адной ледзь не аксіёме – няведанне адной мовы цягне за сабой няведанне другой. І дзень ці тыдзень беларускай мовы не выратоўвае сітуацыю. Трэба пачынаць з дзяржаных устаноў – карыстацца мовай у справаводстве, у прыёме грамадзян. Сёння, на жаль, кіраўнікі нейкіх органаў культуры, адукацыі дазваляюць сабе выступаць на іншых, толькі не на беларускай мове. Няма самасвядомасці асобы, грамадства, і указы, пастановы тут не дапамогуць. Яшчэ нейкіх два дзясяткі гадоў я размаўляў са старшынямі калгасаў, што цудоўна валодалі мовай, лічылі абавязкам весці гутарку на ёй. Той жа старшыня нашага гарвыканкама нябожчык Уладзімір Фёдаравіч Раманоўскі любіў паслухаць родную мову…
Не вядзе да дабра паўсюднае скарачэнне гадзін вывучэння беларускай мовы і літаратуры. А гэта ж таксама вядзе да падзення агульнага адукацыйнага ўзроўню. Чаму зараз павальнае рэпетытарства ледзь не з першага класа пачынаецца? А рэфармаванне працягваецца і лепш не робіцца… Нам усім трэба ўсвядоміць сябе беларусамі.
Усё ў нашых руках і галовах
Можна бясконца наракаць на забруджаную падлогу, а можна ўзяць дзяркач і адшараваць яе да сасновага сонечнага святла. Так і з нашаю моваю – няўжо патрэбная дырэктыва, каб размаўляць дома, узгадваючы трапныя дзедавы ці матчыны выразы, якія лягуць на душу ўнуку, а ён перадасць іх сваім дзецям…
Міхаіл Сяргеевіч Кузьміч, самадзейны паэт, аўтар паэмы «Дзед Базыль»:
– Родная мова ў мяне абавязкова асацыюецца з роднай маці, з родным домам, з роднай зямлёй. Вельмі доўга я разважаў аб яе лёсе і сёння скажу так. З даўнейшых часін нам перашкаджалі мець уласны сродак зносін паміж беларусамі. Спачатку нас добрым кавалкам далучылі да Расіі, потым да Польшчы, беларускай дзяржаўнасці проста не існавала. Таму і гамонкі аб нацыянальнай мове не было… Пры Савецкім Саюзе людзі жылі, стваралі сем’і, працавалі дзе хацелі. Спатрэбілася мова міжнацыянальных зносін, якой стала руская. Канечне, тады Хрушчоў аб нацыянальным развіцці Беларусі не турбаваўся…
– Але ж сёння ўсе умовы створаны.
– Дзяржава павінна іграць першую скрыпку. Між тым, чамусьці беларускамоўных газет і часопісаў стала менш, літаратурных твораў недастаткова – усё мераюць камерцыйнай меркай… Ад нас саміх залежыць лёс мовы, якую завем матчынай.
Мікалай Уладзіміравіч Давідовіч, празаік і публіцыст, член Саюза пісьменнікаў Беларусі:
– Калі я працаваў уласным карэспандэнтам урадавай газеты «Рэспубліка», у нейкі момант адчуў недахоп на яе старонках матэрыялаў на роднай мове. Тады мы, калегі з Віцебшчыны, Магілёўшчыны і Гомельшчыны, узважыўшы магчымасці, дамовіліся дасылаць у рэдакцыю допісы толькі на беларускай мове. Зразумела, іх публікавалі, але на памеры ганарараў гэта ніяк не адбівалася. Псеўдарынкавая эканоміка прымусіла ўрэшце і журналістаў перайсці на больш выгодную ў фінансавых адносінах мову. Потым я пайшоў на заслужаны адпачынак і працягваў пісаць кніжкі на матчынай мове. А вось нядаўна пачуў, што за беларускамоўныя публікацыі ў газетах заахвочваюць аўтараў дадаткова. Спахапіліся своечасова.
– Своечасова?
– Калі дзеці і ўнукі падтрымаюць, выратуем мову.